Блог гарадзенскага краязнаўцы

Previous Entry Share Next Entry
План Гародні 1655 г.: доказы таго, што ён быў складзены ў часы Паўночнай вайны
supron_licvin
У адносінах да плана горада 1655 г. у асяроддзі даследчыкаў узнікала і ўзікае шмат пытанняў. Асноўнае пытанне тычыцца часу, калі ён быў складзены.

Гісторык А.Квітніцкая прытрымліваецца меркавання, што гэты план з'явiуся у 1655 г. падчас захопу маскоўскім войскам горада. На думку С.Данскіх план паказвае зробленыя напярэдадні захопу горада ў 1655 г. лінію абарончых умацаванняў.

Іншыя гісторыкі - П.Баровік, А.Катлярчук - мяркуюць, што план паходзіць з пач. XVIII ст., з часоў Паўночнай вайны. Ю.Гардзееў таксама не згодны, што план быў складзены ў 1655 г. Падобнай версіі прытрымліваемся і мы. Для гэтага мы падрыхтавалі некалькі фактаў, якія даказваюць, што гэты план быў складзены не ў 1655 г., а ў часы Паўночнай вайны. Але аб усім па-парадку.





План захоўваецца ў стакгольмскім дзяржаўным архіве (Швецыя).

На плане мы бачым Гародню, а дакладней сам горад і занёманскую частку. З паўночнага, усходняга і заходняга бакоў горад атачаюць абарончыя земляныя умацаванні, профіль якіх замаляваны ў дадатку (верхні правы вугал плана).

У левым верхнім вуглу - легенда плана з маштабам і надпісам па-француску: "Plan des Retrenchement fait devant grodno par l''armée de la Majeste K Zariene. 1655". Перакладаецца гэта прыкладна так: "План умацаванняў вакол Гародні зроблены для арміі Яго Вялікасці Цара".



Звярніце ўвагу на дату "1655". Яна напісана па-за межамі легенды, і, судзячы па характару пісьма, дапісвалася пасля ўжо іншым почыркам.

Ідзем далей. Надпісы аб'ектаў у горадзе выкананы на нямецкай мове, прычым двума рознымі почыркамі.



Першым почыркам, аналагічным таму, які на легендзе, падпісаны наступныя аб'екты: Bernhardinsky Frauen Closter (бернардынскі жаночы кляштар), Bernhardiner Closter (бернардынскі кляштар), Franciscaner Kloster (францішканскі кляшар), Jesuiter Closter (езуіцкі кляштар), Bassar (базар, рынак).



Другім почыркам падпісаны: Schloß (замак), Schloßhoff (замкавы двор, або двор пры замку), Juden Kirch u Hoff (жыдоўская царква і двор), Pfar Kirch (парафіяльны касьцёл), Rathhaus (ратуша), Weg von Wilna (дарога зь Вільні), Linie so nicht besetzt wird (лінія, якая не была занятая).

Той факт, што на мапе адначасова прысутнічаюць дзве мовы - не выключэнне. Такая з'ява распаўсюджана на картаграфічных матэрыялак пач. XVIII ст. А вось прысутнасць двух розных почыркаў (трох? "1655" - напісана трэцім почыркам?) можна растлумачыць тым, што гэты план складаўся не адным чалавекам.


Пройдземся па саміх аб'ектам, якія паказаны на плане.



1. Ратуша. На плане замест ратушы знаходзіцца аб'ект, падпісаны як "Bassar", а сама ратуша (Rathhaus) знаходзіцца на рагу Замкавай вуліцы. Паводле Ю.Гардзеева, ратуша пасля вайны з Масковіяй была разбурана, а паседжанні магістрату адбываліся ў дамах знатных гараджан. Але аб якіх паседжаннях магістрату магла быць размова ў 1655 г., калі горад яшчэ да 1658 г. знаходзіўся ў руках маскавітаў?! Гэты факт - яшчэ адно пацвярджэння нашага меркавання, што план быў складзены не ў 1655 г.

2. Езуіцкі калегіум, які пазначаны на усходняй частцы Рынку, у 1655 г. не мог існаваць фізічна (прынамсі, у такім вялікім аб'ёме). Да 1655 г. езуіты туліліся ў невялікім драўляным касцёле Св. Пятра і Паўла (пабудаваны ў 1637 г.), які згарэў падчас маскоўскага нашэсця. Мураваны касцёл езуіцкага кляштара, як вядома, быў пастаўлены ў 1678-1700 гг. Г.зн., што план састаўляўся пасля будаўніцтва мураванага касцёла езуітаў .



3. Францысканскі касцёл і кляштар паказаны ў сучасным выглядзе, але яшчэ не мае вежы-званіцы. Як вядома, першы драўляны касцёл францыскане пабудавалі ў сяр. XVII ст., але мураваны ўпершыню ўзгадваецца ў 1700 г. Званіца ж была пабудавана ў 1753 г. Гэта - яшчэ адно сведчанне таго, што план быў састаўлены пасля 1700 г.

Абарончыя ўмацаванні вакол горада па абрысам амаль цалкам супадаюць з абрысамі ўмацаванняў расійскай арміі ў час т.зв. гарадзенскай аперацыі падчас Паўночнай вайны. З пісьмовых крыніцаў дакладна вядома, што будаўніцтва ўмацаванняў пачалося 27 верасня 1705 г., калі ў горадзе прысутнічаў расійскі вайсковы кантынгент агульнай колькасцю каля 35 тыс. чалавек.

У пачатку студзеня, паводле крыніцаў, горад яшчэ не меў "ні вала, ні крэпасці", апроч лініі ўмацаванняў на супрацьлеглым беразе Нёмана і палісада (частакола) вакол замка. Дарэчы, хутчэй за ўсё менавіта гэтыя ўмацаванні пункцірнай лініяй паказаны на плане (ад Францысканскага касцёла да занёманскага палацу Радзівілаў і вакол замкаў). Гэта - чарговы доказ праўдзівасці нашага меркавання.

Да лютага 1706 г., як вынікае з перапіскі англійскага пасланніка Чарльза Вітварта расійскаму генералу Г. Агільві, горад ужо ўяўляў сабой непрыступную цвержу. Сапраўды, калі шведскае войска на чале з Карлам ХІІ падышлі пад Гародню, пабачыўшы ўмацаванні, яно не рызыкнула нападаць на горад, а узяло яго ў аблогу.

Давайце параўнаем наш план з расійскімі планамі горада 1706 г., якіх вядома тры (трэці, здаецца, няўдалая копія другога) + некаллькі пазнейшых копіяў (іх мы не будзем публікаваць):







Адрозненні з нашым планам, як бачна нязначныя. Тым ня менш, паспрабуем іх пералічыць:

  1. У першым выпадку (план "1655") мы бачым два масты праз Нёман, у другім (планы 1706 гг.) - адзін.

  2. Планіроўка Занёманскага прадмесця: злева ад францысканскага касцёла ў абодвух выпадках мы бачым вуліцу, зправа - вуліца паказана толькі на другой мапе (1706 г.). Гэта - сведчанне таго, што дадзеная тэрыторыя пацярпела ў выніку баявых дзеянняў або пажару. Значыць ў першым выпадку ("1655") мы бачым план, састаўлены пасля 1706 г.

  3. Характар разрыву ўмацаванняў на месцы злучэння з асноўнымі дарожнымі артэрыямі ў горадзе і ва ўсходняй частцы ўмацаванняў ля бастыёну. У першым выпадку мы бачым п-падобныя разрывы (барыкады?), у другім - суцэльную лінію ўмауаванняў. Адрозненні маюцца таксама ў характары ўмацаванняў у паўднёвай частцы (ля віленскай дарогі) і вакол замкаў.

Зыходзячы з усіх вышэйпералічаных фактаў мы можаш з вялікай доляй ўпэўненасці сцвярджаць, што разглядаемы намі картаграфічны матэрыял быў складзены шведамі пасля заняцця Гародні ў 1708 г. У сувязі з гэтым, варта называць гэты план "шведскім".


P.S. вялікі дзякуй за дапамогу wouk

Глядзіце таксама Гарадзенскі вал і Дзе знаходзіўся занёманскі палац Радзівілаў?





Posts from This Journal by “Паўночная вайна” Tag


  • 1
грунтоўная праца, дзякуй

пішу грунтоўны артыкул пра ўмацаванні, таму ў асноўным пісаў для таго, каб даць спасылку на гэта))

Пасьля нашай з Вамі перапіскі на конт гэтага плана, я таксама стаў схіляцца да думкі, што гэта пачатак XVIII ст. За такую рэвізію сваіх поглядаў я са свайго боку Вам дужа дзякую. Але мяне пераконвае трохі іншае: насамрэч, мне цяжка ўявіць, што ў сярэдзіне 17 ст. маскоўцы змаглі б паставіць такі абшырны абарончы лагер. Аргумент, канечне, так сабе, але мяркуючы па агульнай карціне вайны 1654-1667 гг., мне такі лагер уявіць цяжка. Вельмі пераканаўча, канечне, выглядаюць аргументы аб позьнім выглядзе касьцёлаў.

Некаторыя разважаньні, на мой погляд, патрабуюць удакладненьня:
1) "de la Majeste K Zariene" - значыць прыкладна "Яго Вялікасьці Цара". Тэрмін "Zar" выкарыстоўваўся вельмі шырока. Паколькі ня ведаю францускай не магу сказаць нешта пэўнае аб форме яго выкарыстаньня. І ён вельмі добра суадносіцца з Majeste - вялікасьць.
2) Подпісы на плане зроблены, напэўна, пазьней - тут я з Вамі згодны. У гэтым зрэшты, як па мне, і хаваецца прычына памылковага датаваньня мапы. Але я тут бачу адну руку. Чаму выкарыстоўваюцца розныя мовы - няясна, але нават у аднаго чалавека нямецкія і францускія літары адрозьніваюцца, у сэньсе яны па сутнасьці адрозьніваюцца. Гэта звычайна справа. Гэта не прычына бачыць у іх адзін почырк. Тое, што подпісы былі зроблены пазьней і стала прычынай таго, што "1655" вылезла за рамку. Дарэчы, мне даводзілася бачыць планы, дзе подпісы "забылі" зрабіць, што бачна па пустых рамках, дзе меркавалася зьмясьціць легенду.
3) Тое, што на плане пазначнана, як "ратуша" і "рынак" значыць, што на час стварэньня гэтага малюнка там стаялі будынкі, якія выконвалі згаданыя функцыі. Г.зн. саміх пасяджэньняў у будынку "ратуша" пэўны час магло і не адбывацца.

Удачы ў далейшых пошуках! Калі што буду рады пасабіць ці пакрытыкаваць, вядома, на карысьці агульнай справе;)

эўрыка! мне знаўцы французскай мовы слова "zariene" пераклалі як "караля". Значыцца ў легендзе сцвярджаецца, што на плане паказаны ўмацаванні, зробленыя па загаду яго вялікасці цара. калі так, дык часці галаваломкі выстраіліся ў лагічны ланцужок!
яшчэ раз дзякуй

Але Цар-бацюхна і ў 1655 г. быў)))

  • 1
?

Log in

No account? Create an account